Даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) аб'яўляе конкурс сачыненняў “Шамякін: далёкі і блізкі”
03.02.2021 г.Пішам сачыненне па творах Івана Шамякіна – на конкурс!
Даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) аб'яўляе конкурс сачыненняў “Шамякін: далёкі і блізкі”, прымеркаваны да 100-годдзя класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна. Да канца студзеня ўсе жадаючыя могуць падзяліцца сваімі разважаннямі па любімых творах пісьменніка і фільмах па іх матывах.
2021 год выдаўся багатым на юбілеі беларускіх літаратараў. Кожны месяц у ЦБК запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя шырока вядомым пісьменнікам і паэтам, якія пройдуць у розных фарматах. І першым спіс адкрывае Іван Пятровіч Шамякін – народны пісьменнік Беларусі, сцэнарыст і драматург, грамадскі дзеяч, з дня нараджэння якога 30 студзеня спаўняецца 100 гадоў.
Творчасць Івана Шамякіна атрымала ўсенароднае прызнанне і любоў як у Беларусі, так і за мяжой. Яго раманы, аповесці і апавяданні перакладзены на многія мовы свету, на аснове якіх выдадзена найбольш поўны з усіх існых збор твораў у 23 тамах. Па многіх творах пісьменніка знятыя кінафільмы і пастаўлены спектаклі.
“Глыбокая плынь”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды», “Вазьму твой боль”, “Трывожнае шчасце” – вось толькі невялікі пералік твораў Івана Шамякіна, які вядомы многім яшчэ са школьных гадоў.
Цэнтр беларускай культуры запрашае ўсіх жадаючых успомніць знаёмыя і спадабаныя прачытаныя творы або фільмы і напісаць на іх аснове сачыненне ў адвольнай форме.
Усіх канкурсантаў чакаюць дыпломы і фірменныя сувеніры. Лепшае эсэ стане рэфератам II Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні”, якая адбудзецца ў канцы лютага на пляцоўцы ZOOM.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК
https://bkc.daugavpils.lv/be/