:

На Піліпаўскія вячоркі беларускі пралі, спявалі ды жаніхоў выглядалі

04.01.2021 г.

Піліпаўскія вячоркі – гэта дзявочыя вячоркі з рукадзеллем. Яны пачыналіся пасля Піліпаўскага посту ў праваслаўных, а ў каталікоў, адпаведна, Адвэнту і працягваліся да Калядаў. З гэтай нацыянальнай традыцыяй беларусаў пазнаёмілі 9 снежня 2020 года онлайн супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Відэаздымкі зрабілі загадзя, выконваючы ўсе кавідныя абмежаванні.

На Піліпаўскія вячоркі дзяўчаты збіраліся невялікімі групамі па чарзе ў хаце ў кожнай з сябровак, займаліся рукадзеллем, спявалі народныя спакойныя песні, як “Цячэ вада на быстрыні”:
“Казаў мілы, казаў мілы,
што мяне папросіць,
Як у полі пры таполі
пшанічаньку скосіць.
Ой, ён косіць, ой, ён косіць,
Ўжо восень мінае.
Ён жаніцца бярэ другу,
А мяне кідае…”

Асноўным жаночым заняткам вячорак было прадзенне. Кожная ўдзельніца вячорак прыносіла з сабой калаўрот або прасніцу. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў доме, самай вопытнай. Пра гэта распавяла Галіна Сантоцкая, па-майстэрску спраўляючыся з кудзеляй.

У Беларускім цэнтры выйшлі за рамкі традыцыйных вячорак з прадзеннем, закрануўшы іншыя віды рукадзелля.

Калі ніткі спрадзеныя (а гэта самы працаёмкі працэс у вырабе тканіны), з іх можна ткаць палатно. Матэрыялам былі лён або шэрсць. У кожнай вясковай хаце стаяў ткацкі станок – кросны. На ім умее працаваць Дагнія Літвіноўская.

З ільнянога палатна шылі вопратку, пасцельную бялізну, ручнікі, абрусы, фіранкі, якія ўпрыгожвалі вышыўкай. Кожная гаспадыня ўмела вышываць, робячы рэчы прыгажэй і індывідуальней. Асабліва старанна яна працавала над пасагам для сваёй дачушкі, пра што расказала Марыя Памецька.

Многія гаспадыні ўмелі вязаць на спіцах, і цёмнымі зімовымі вечарамі вязалі цёплыя шарсцяныя шкарпэткі шматлікім членам сваёй сям'і. З гэтым рамяством пазнаёміла Жанна Раманоўская.

У сваю чаргу, абавязковы атрыбут беларускага народнага касцюма – пояс, ткалі на станку альбо плялі. Ірына Апэйнанэ ўмее плесці такі абярэг на дошчачках.

І ўсе гэтыя займальныя дзеянні, перададзеныя ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ад мам і бабуль, праходзілі пад пералівы беларускіх мелодый, па-майстэрску сыграных на акардэоне Вячаславам Пятровым.

Падчас Піліпаўскіх вячорак шмат спявалі, а таксама расказвалі розныя павер'і і забароны. Напрыклад, у калядны пост ніколі не гулялі вяселлі. Затое ў гэты час ладзілі свае вяселлі ваўкі, таму ў лес хадзіць не раілі, было смяротна небяспечна.

Піліпаўскія вячоркі былі неад'емнай частка жыцця вясковай моладзі. Нягледзячы на пост, запрашалі музыканта, танцавалі, нават гулялі ў гульні. У дом на вячоркі абавязкова зазіралі хлопцы. Яны не толькі жартавалі, але і выглядвалі працавітую нявесту, бо на Масленіцу пачынаўся сезон вяселляў.

У канцы вячорак гаспадыня дома частавала гасцей поснай вячэрай. На стале абавязкова былі жытні хлеб і адвараная бульба, а таксама квашаная капуста, салёныя агуркі, грыбы, журавінавы морс і іншыя посныя стравы.

Паглядзець відэа “Піліпаўскія вячоркі” на беларускай мове можна ў запісе ЦБК на Facebook, на YouTube.

Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці