Language

Главная О Посольстве Новости

Святочнае віншаванне Пасла Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча беларускай дыяспары Латвіі

Шаноўныя суайчыннікі!
Дарагія сябры!

Ад імя Рэспублікі Беларусь рады вітаць вас у гэтыя святочные дні!

Хацеў бы падзякваць вам за сумесную працу ў гасціннай Латвіі. У 2018 годзе беларусам ёсць чым ганарыцца, за што казаць дзякуй. Асабліва прыемна, што беларушчына ў Латвіі не толькі жыве, але і развіваецца.

Наша мілагучная мова, беларускія спевы гучаць па ўсёй краіне – ад берагоў Даўгвы да партоў Балтыйскага мора. Выдатна працуюць рэгіянальныя суполкі ў Даўгаўпілсе, Вентспілсе, Ліепаі, Екабпілсе.

Вы ўдзельнічалі ў «Славянскім базары ў Віцебску» і Уселатвійскім свяце песні і танцу. Вы падарылі галоўны скарб беларускай сям’і – рушнік – Прэзідэнту Латвіі.

У гэтым годзе мы разам прыгадалі шмат падзей і постацей, звязваючых нашы краіны-суседкі. Ураджэнец тагачаснай Лібавы, класік беларускай літаратуры Янка Маўр; аддаўшы жыццё за вызваленне Латвіі ад нацыстаў жодзінец Пятро Купрыянаў; распачынальнік беларускай школы ў гэтай краіне Сяргей Сахараў.

Дарэчы, за год да напэўна галоўнага здабытку беларусаў Латвіі – Рыжскай беларускай асноўнай школы – канчаткова дадалася ўтульная нядзельная школа «Вясёлка» даўгаўпілсскага таварыства «Уздым». З дзецьмі і моладдзю шчыльна працуюць беларускія суполкі ў Рэзэкнэ, Ліепаі, Дагдзе. Упэўнены, што зараз наша галоўная сумесная задача – перадаць нашы традыцыі, мову, культуру, нашу памяць аб роднай Беларусі моладзі.

Вас шмат, вы моцныя і прыгожыя! Сярод вас – прадстаўнікі бізнэсу, творчыя асобы, грамадскія дзеячы, дэпутаты самакіраванняў і простыя людзі. Аб вас павінна ведаць Беларусь, вас абавязана шанаваць Латвія!

У нашага Пасольства шмат новых праектаў – і амаль у кожным мы бачым беларускую дыяспару. Фестываль беларускай песні, вуліцы і скверы ў гонар сыноў Беларусі, здымкі дакументальных фільмаў, прафесійны запіс кружэлкі беларускіх аматарскіх ансамбляў, новы вэб-сайт беларускай школы, удзел прадстаўнікоў суполак у кожным значным мерапрыемстве ў нашай краіне. Без вашай зацікаўленнасці, крэатыўнасці, імпэту нават самае масштабнае мерапрыемства не мае аніякага сэнсу. Чакаем вашых сучасных ідэй і незвычайных прапаноў!

Для нас галоўнае свята надыходзячага году – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў. Калі ласка, пажадайце ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вызваліцелям Беларусі з вашых гарадоў і мястэчак моцнага здароўя і бадзёрасці духу.

А вам, дарагія маі землякі, хачу пажадаць у 2019 годзе дабрабыту і шчасця, прыбытку ў хаце, здзяйснення ўсіх планаў і кожнай мары. У нашай краіне надыходзячы год будзе зноў прысвечаны малой Радзіме. Чакаю, што ў Святы вечар вы раскажаце дзецям і ўнукам аб сваё малой Радзіме, аб роднай Беларусі.

Са святамі Вас і вялікі дзякуй за тое, што робіце тут, у Латвіі для нашай Беларусі!