Беларускія мясціны Даўгаўпілса
Даўгаўпілс – горад, дзе кожны дом і вуліца маюць сваю цікавую і непаўторную гісторыю, якая расказвае пра жыццё і дзейнасць людзей розных нацыянальнасцяў. Па успамінам старыжылаў і дакументальным матэрыялам былі пазначаны шматлікія мясціны горада, крэпасці, звязаныя з дзейнасцю беларускіх арганізацый, устаноў і знакавых беларусаў Латгаліі.
Гісторыя горада цесна пераплятаецца з гісторыяй Латвіі і Беларусі, як сучаснай, так і старажытнай. Беларусы здаўна жылі, працавалі і вучыліся ў Даўгаўпілсе. Найбольш ярка яны праявілі сябе ў 20-30 –я гады XX стагоддзя. Ад гэтага часу засталося шмат найбольш цікавых сведчанняў і матэрыялаў. Матэрыялы больш ранніх часоў чакаюць сваіх даследчыкаў.
Аб гэтым гавораць сучасныя назвы вуліц: Мінская, Гродненская, Браслаўская, Друйская.
Будынак Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі на Варшаўскай вуліцы 16. Працавала гімназія ў 1922-1939 гадах. Урачыста адкрыта 3 снежня 1922 года дзякуючы намаганняў сяброў беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына”. Дырэктарамі гімназіі былі: І.Краскоўскі (1922-1925гг), С.Сахараў (1925-1932гг), дэкан Дагдзенскага касцёла ксенз Я.Чаман (1932-1935гг), ксёнз Я.Плоніс (1935-1939гг). Выкладчыкі: П.Мядзёлка – Грыб, А.Якубецкі, У.Раткін і І.Фёдараў, У.Відаўскі, святары Сава Трубіцын, Язэп Гайлевіч, і інш.
Вывучаліся беларуская, латышская, руская, лацінская і нямецкая мовы, гісторыя, матэматыка, хімія з мінералогіяй, псіхалогія і логіка і інш. У гімназіі дзейнічалі літаратурна-гістарычны, мастацкі, фатаграфічны, радыётэхнічны гурткі, хор, балалаечны аркестр, выдаваўся на гектографе вучнёўскі часопіс “Школьная праца”. Меўся невялікі гістарычны музей, дзе нават захоўваўся фрагмент слуцкага пояса, падараваны В.Ластоўскім. Вучні збіралі фальклёр, выступалі з лекцыямі і канцэртамі, ладзілі спектаклі па пьесах беларускіх і латышскіх аўтараў. Пры гімназіі існаваў 45 скаўтскі атрад. Цесную сувязь з гімназіяй падтрымлівалі Я.Райніс, В.Сэйле, Б.Брэжга, К.Езавітаў. Пры гімназіі працавалі таксама механічная слясарна-такарная і шавецка-ткацкая майстэрні пад кіраўніцтвам інжынера Я.Комісара, адны з лепшых у горадзе.
У савецкі час будынак капітальна перабудавалі, дабавілі 3 паверх і зрабілі кватэры для гаражан. Аб былым сведчыць адчыненая сябрамі таварыства “Уздым” памятная дошка на гэтым будынку. Недалёка ад гімназіі знаходзіцца прыгожы будынак “Вілла Ксенія”. У міжваенны час у ім размяўшчаліся кватэры настаўнікаў, працаваўшых у гімназіі. Квартаравала дарэчы першая выканаўца ролі Паўлінкі па пьесе Янкі Купалы “Паўлінка” Паўліна Мядзёлка-Грыб.
Большасць вучняў гімназіі прыязжалі з вёскі, мелі патрэбу ў месцы пражывання. Пагэтама кіраўніцтва беларускай гімназіі зняла ў арэнду пад інтэрнат прыгожы 2-х павярховы будынак на Жалезнадарожнай вуліцы 24. У трох кватэрах з 15-ю пакоямі жылі навучэнцы, а ў 4-ай настаўнікі. Назіраў за парадкам у інтэрнаце дзелавод гімназіі І.Фёдараў, які стала жыў у гэтым будынку. Цікава, што пабраўся ён шлюбам з дзяўчынай з роду вядомых у горадзе Мітрафанавых.
Недалёка ад інтэрната знаходзіцца знакамітая ў горадзе турма “Белы лебедзь”. Там у розныя часы працавалі і сядзелі беларусы. У пачатку 90-ых камендант турмы ўражэнец Беларусі палкоўнік –лейтэнант Фёдараў прапанаваў беларускаму таварыству: “Будзе цяжка, звяртайцеся ў турму – дапаможам”. У сярэдзіне 20-ых тут трымалі беларусаў затрымленных па так званаму “Беларускаму працэсу”: К.Езавітава, М.Талерку, І.Краскоўскага, А.Якубецкага і інш. Цераз дарогу знаходзіцца будынак Латгальскага суда, дзе разглядалася гэта справа. Беларусаў абвінавацілі ў намерах аддзяліць Латгалію ад Латвіі. Суд доўжыўся некалькі месяцаў, у выніку беларусы былі поўнасцю апраўданы. Але на ўсялякі выпадак беларусы, маючыя нелатвійская грамядзянства, былі высланы з Латвіі.
Захаваўся на вуліцы Страдніеку будынак, у якім у пачатку 20 стагоддзя працавалі беларускія настаўніцкія курсы. На іх запісалася больш 70 чалавек, закончыць змаглі толькі 25. Зараз будынак цяжка пазнаць: надбудаваны 3-ці паверх, цагляныя сцены таўшчынёй у 70см уцеплены па еўрапейскім тэхналогіям. Зараз тут праходзяць заняткі Латгальскага транспартнага коледжа.
У 1922 годзе было адчынена ў горадзе беларуская пачатковая школа пад кіраўніцтвам Андрэя Якубецкага. Размяшчалася спачатку ў будынку гімназіі, потым працавала на Стараверскай 53 (зараз – рускі ліцей)пад кіраўніцтвам Кастуся Александровіча.У 1923 годзе ў школе вучылася 175 дзяцей. Пасля смерці Александровіча дырэктарам стаў працаваць вядомы ў горадзе А.Барткевіч. Самы працяглы час школа працавала ў цягляным 2-х павярховым будынку на Ковенскай вуліцы 98 (вул. Кауняс). Пры савецкай уладзе гэты будынак знеслі, але на гэтым месцы нічога не пабудавалі… Засталася толькі сцяна, якая падпірае суседні дом.
У час вайны і нейкі пасля заканчэння вайны беларуская школа працавала на Ковенскай 8. Зараз у гэтым будынку таксама працуе школа. Недалёка ад скрыжавання вуліцы Венібас і Імантас, захаваўся 2-х павярховы цагляны будынак, у якім немцы у час вайны дозволілі адчыніць Упраўленне беларускіх школаў. Кіраўніком працаваў А.Махноўскі. Калі па даносу паслалі ў канцлагер на востраў Руген вядомага настаўніка Эдварда Вайвадзіша, яны змаглі дабіцца яго вызвалення. Да самай смерці захоўваў ён лагерны нумар на самаробным шнурку.
З крэпасцю ў горадзе звязаны імёны К.Езавітава, С.Булак-Балаховіча. Тут таксама трымалі затрыманых удзельнікаў паўстання 1863 года на Беларусі і Літве. У 30-ыя гады 20 стагоддзя ў мясцовых газетах пісалася пра невядомыя магілы, знойдзеныя ў жалезнадарожным трохкутніку. Паліцыя дала заключэнне, што тут пахаваны растрэляныя паўстанцы 1863 года…..
З Дынабурскімі езуітамі цесна звязаны ўражэнец раёна, філосаф Станіслаў Шадурскі (1726-1789гг). Вывучаўся ў езуітскіх калегіўмах Вільні, Оршы, Парыжа. Працаваў прафесарам філасофіі ў Навагрудскім і Варшаўскім калегіўмах. З’яўляецца найбольш вядомым прадстаўніком натурфіласофіі другой паловы 18 ст. Яго філасофскія творы “Прынцыпы філасофіі мыслення і адчуванняў” (1758г), “Фізіка, або філасофія прыроды”. У 1773 годзе Шадурскі выйшаў з ордэна іезуітаў.
У будынку былой бальніцы Чырвонага крыжа, на Варшаўскай вуліцы, ля чыгуначнага пераезда, у красавіку 1931 года на 29 годзе жыцця памёр ад туберкулёзу малады беларускі пісьменнік уражэнец г.Дзвінска Віктар Вальтар. В.Вальтар вучыўся ў Празе, працаваў настаўнікам у беларускіх школах. Напісаў апавяданні і раман “ Роджаныя пад Сатурнам”. Зараз будынак бальніцы займае паліклініка “Дзіназ”.
Гісторыкам таварыства “Уздым” М.Паўловічам сабраны значныя калекцыі матэрыялаў па гісторыі беларускага руху. Шмат рэдкіх і цікавых матэрыялаў падараваны музеям Даўгаўпілса, Краславы, Індры, Мінска, Браслава, Віцебска, Міёраў, Германавіч.
Будынак Дзвінскай Дзяржаўнай Беларускай гімназіі, 1934 г.
Інтэрнат, 1931 г.
Пачатак 20-х гадоў
Сядзяць злева направа: С.Карнавухава, І.Краскоўскі, беларускі пісьменнік М.Гарэцкі, В.Зянькевіч, М.Дзямідаў, К.Езавітаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Мікола Паўловіч - гісторык, краязнаўца
Людміла Сінякова - сябра праўлення Беларускага культурга-асветніцкага таварыства “Уздым”