:

Беларуская школа ў Рызе

Дата рэгістрацыі: 1994 год.

Месца знаходжання: г.Рыга (у горадзе і асяроддзі жыве каля 35000 этнічных беларусаў).

Кіраўнік беларускіх класаў: намеснік дырэктара Іванэ Ганна Уладзіславаўна.

Кантакты: тэлефон для сувязі: (+371) 20025260; электронная пошта: ann_ivane@list.ru

Рыжская беларуская асноўная школа (РБШ) пачала сваю дзейнасць з 1994 года ў якасці беларускіх класаў пры 15-й сярэдняй школе г.Рыгі. Ініцыятарамі яе адкрыцця сталі старшыня ЛТБК “Сьвітанак” Вячаслоў Міхайлавіч Целеш (пазней – першы дырэктар РБШ) і Пасол Беларусі ў Латвіі Валянцін Вялічка.

У 1998 годзе РБШ атрымала статус “асноўнай дзяржаўнай школы”.

17 чэрвеня 2010г. РБШ, па рашэнню Рыжскай гарадской думы, пераехала ў будынак сярэдняй школы №86 г.Рыгі.

З 2011 года Рыжская беларуская асноўная школа носіць імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У школе дзейнічае музей, які беражліва захоўвае старонкі жыцця і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Маўра.

РБШ з’яўляецца адзінай беларускай школай ў Латвіі. Навучальная ўстанова карыстаецца аўтарытэтам сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары, колькасць яе вучняў з кожным годам расце. Школа паспяхова прайшла акрэдытацыю да 2025 года і ажыццяўляе сваю дзейнасць у суадносінах з агульнаадукацыйнымі стандартамі і праграмамі Латвіі.

Сёння ў РБШ навучаецца больш за 150 вучняў (1-9 класы) і каля 20 чалавек займаецца ў падрыхтоўчым класе. За час сваёй працы школа выпусціла больш за 100 вучняў. Першы выпуск адбыўся ў 2003 годзе.

Выкладанне ў школе вядзецца на латышскай, беларускай і рускай мовах. З першага класа дзеці вывучаюць таксама ангельскую мову. У падрыхтоўчай групе таксама выкладаецца латышская, руская, беларуская, ангельская мовы, а з 2019 года ўведзены новы прадмет – асновы інфарматыкі (datorika). Беларускі кампанент праграмы ажыццяўляецца на ўроках мовы і літаратуры, а таксама на пазакласных мерапрыемствах.

За гады сваёй працы РБШ стала не толькі навучальнай установай, але і своеасаблівым культурна-асветніцкім цэнтрам. Школа робіць значны ўклад у падтрымку беларускай адукацыі і культуры ў Латвіі. У дадзенай навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для якаснага вывучання беларускай мовы і літаратуры, дзякуючы чаму дзеці актыўна далучаюцца да культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа.

З 1995 года кіраўніком беларускіх класаў і выкладчыкам працуе Ганна Уладзіславаўна Іванэ, якая з 2002 па 2018 год з’яўлялася дырэктарам РБШ. І пазней пасля невялікага перапынку з верасня 2019 года ўзяла на сябе адказнасць за рэалізацыю і развіццё беларускага кампанента ў якасці намесніка дырэктара па міжкультурных сувязях паміж Латвіяй і Беларуссю.
У школе створаны дзіцячы вакальны гурт “Вавёрачка”, гурток візуальнага мастацтва і гурток вырабу мяккіх цацак.

Вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, конкурсах, канцэртах, наведваюць з экскурсіямі Беларусь. У школе навучаюцца як этнічныя беларусы, так і дзеці іншых нацыянальнасцяў.

Дзіцячы вакальны гурт “Вавёрачка”

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці