:

Беларусы Латвіі

Агульная колькасць беларусаў у Латвіі на сённяшні дзень складае каля 66 тыс. чалавек (другая па колькасці нацыянальная меншасць, каля 3,5% насельніцтва краіны). У асноўным беларусы пражываюць у буйных гарадахЛатвіі ў Рызе, Даўгаўпілсе, Ліепаі, Вентспілсе, Елгаве, а таксама ў невялікіх гарадах рэгіёну Латгалія.

Гістарычная даведка

З самага пачатку беларусы жылі побач з карэнным насельніцтвам сучаснай Латвіі. З-за шчыльных кантактаў плямёнаў крывічоў і латгалаў у раннім сярэдневякоўі склалася шырокая культурная і геаграфічная зона з мяшаным насельніцтвам, таму зараз цяжка правесці выразную мяжу паміж гэтымі плямёнамі.

Рэгулярныя кантакты працягваліся і ў часы Полацкага княства. З заснаваннем у 1201 годзе Рыгі і ўваходжаннем яе ў Ганзейскі саюз пашырыліся эканамічныя сувязі, у гарадах пачалі ўзнікаць беларускія слабодкі.

Значна павялічылася колькасць выхадцаў з беларускіх зямель у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, паводле дадзеных даследчыкаў гісторыі Латвіі, у сярэдзіне XVII ст. беларусы складалі значную частку насельніцтва цяперашніх Лудзенскага, Краслаўскага, Даўгаўпілскага раёнаў. Па ўсёй тэрыторыі існавалі раёны кампактнага пражывання беларусаў. У XVIII-XIX стагоддзях у Латвіі ўзнікла некалькі праваслаўных беларускіх цэркваў.

У 1795 годзе частка беларускіх і латышскіх земляў былі далучаныя да Расійскай імперыі. Перасяленню беларусаў у Латвію спрыяла адмена прыгоннага права ў 1861. Частка беларусаў асела ў партовых гарадах.
Паводле ўсерасійскага перапісу 1897 года на тэрыторыі сучаснай Латвіі было больш за 80 тысяч беларусаў.

З Латвіі паходзілі, тут навучаліся ці працавалі ў XIX – пачатку XX стагоддзяў беларускія грамадскія, культурныя і палітычныя дзеячы, пісьменнікі і мастакі: Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімір Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Маўр.

Буйны рост арганізаваных суполак беларусаў Латвіі адбываўся ў міжваенны перыяд. У 20-я – 30-я гады былі створаны культурна-асветніцкія таварыствы “Бацькаўшчына” (Дзвінск / Даўгаўпілс), “Рунь”, “Беларуская хата”, Беларускае навуковае таварыства ў Рызе, таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі. Выдаваліся часопісы “На чужыне”, “Беларуская школа ў Латвіі”.


тытульны аркуш апошняга нумара часопіса, 1933 (wikipedia.org)

Дзейнічалі Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія, Таварыства беларускага тэатра.


вокладка брашуры, прысвечанай 5-годдзю Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі т.3. с.222)

У савецкія часы, па дадзеных перапісу насельніцтва 1979 года колькасць беларусаў у Латвіі дасягнула 111,5 тысяч чалавек (4,5% насельніцтва).

Сучаснасць

Арганізаваны рух беларускай дыяспары сучаснасці пачынаецца з канца 80-х гадоў XX стагоддзя на хвалі Атмады – нацыянальнага адраджэння і агульнага ўздыму народнага руху ў Латвіі.

У лістападзе 1988 г. створана рыжскае Беларускае культурнае таварыства «Свiтанак».

У 2003 годзе беларускімі таварыствамі Вентспілса, Даўгаўпілса, Ліепаі і Рыгі заснаваны Саюз беларусаў Латвіі. У склад Саюза ўваходзіць 13 арганізацый беларусаў Латвіі і дзве славянскіх суполкі.

У 1994 годзе намаганнямі таварыства «Світанак» пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Рызе адчынена беларуская школа. З 2011 года Рыжская беларуская асноўная школа носіць імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У школе дзейнічае музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Маўра. На базе школы функцыянуе дзіцячы ансамбль «Вавёрачка», творчыя гурткі. Вучні прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, конкурсах, канцэртах, наведваюць з экскурсіямі Беларусь.


Шыльда на беларускай школе ў Рызе

З 1991 года працуе Аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», якое рэгулярна ўдзельнічае ў розных выставачных мерапрыемствах у Беларусі, Латвіі і за мяжой. Карціны мастакоў аб'яднання ўключаны ў калекцыі беларускіх музеяў.

Арганізацыямі беларусаў Латвіі праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускіх традыцый, культуры і мовы, а таксама захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці (фестывалі беларускай культуры, беларускія народныя святы, лекцыі па беларускай тэматыцы, выставы беларускіх мастакоў). Аматарскія фальклорныя калектывы, якія функцыянуюць пры большасці беларускіх арганізацый, прымаюць актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Латвіі і Беларусі.


сустрэча ў Пасольстве з кіраўнікамі беларускіх суполак Латвіі ў 2020 годзе

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці