:

Даўгаўпілскія беларусы павіншавалі медыкаў з Калядамі

13.01.2021 г.

У святочны час беларусы Даўгаўпілса сабралі салодкія падарункі для супрацоўнікаў Цэнтра лёгачных захворванняў, дзе лечаць Covid-пацыентаў. 24 снежня 2020 года кава, чай, цукеркі і пячэнні былі дастаўлены ў пакоі адпачынку розных аддзяленняў. Супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры выказалі словы шчырай падзякі медыкам за іх самаадданую працу ў барацьбе з пандэміяй каронавіруса.

Штогод да Новага года Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” арганізоўваюць дабрачынную акцыю, збіраючы падарункі для выхаванцаў дзіцячага дома або жыхароў пансіяната.

Зараз у барацьбе з Covid-19 у асаблівых умовах павышанай рызыкі і нагрузкі, фізічнага і маральнага напружання працуюць лекары, медсёстры, санітары і ўсе работнікі бальніцы. Медыкам вельмі цяжка, і беларусы вырашылі хоць крыху ўпрыгожыць іх будні, каб у пакоях адпачынку клінікі былі кава, чай, цукеркі, печыва.

На збор падарункаў адгукнуліся супрацоўнікі ЦБК і Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь, актывісты таварыства “Уздым”. Перад Калядамі ўсё спакавалі ў навагоднія падарункавыя каробкі, напісалі віншавальныя паштоўкі і адвезлі ў бальніцу. Падарункі разам з кіраўніком Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы Рыгорам Сямёнавым перадалі ў аддзяленні Цэнтра лёгачных захворванняў.

“Паважаныя ўрачы, медсёстры, санітары, супрацоўнікі бальніцы! Сардэчна віншуем Вас з надыходзячымі Калядамі і Новым годам! Выказваем Вам словы шчырай падзякі і схіляемся перад Вашай прафесійнай дзейнасцю ва ўмовах каронавіруснай пандэміі. Вы ратуеце жыццё людзей, дарыце ім веру і надзею.

Жадаем Вам моцнага здароўя, дабра, душэўнай гармоніі, пазітыўнай энергіі. Хай будучы 2021-ы год будзе багатым на добрыя навіны і яркія падзеі, прымножыць дабрабыт і поспех, стане для Вас годам новых магчымасцяў і дасягненняў!”

Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці