Школьнікі малявалі казкі янтарнай краіны Уладзіміра Караткевіча
04.12.2020 г.25 лістапада 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК), з захаваннем усіх нормаў бяспекі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з каронавірусам, адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў па матывах “Казак янтарнай краіны” Уладзіміра Караткевіча, прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Уладзімір Караткевіч – адна з найбольш яркіх фігур у беларускай літаратуры XX стагоддзя; пісьменнік, публіцыст, паэт, драматург, сцэнарыст і перакладчык атрымаў прызнанне ва ўсім свеце дзякуючы прыгажосці сваіх мастацкіх твораў, якія спалучаюць у сабе высокую мастацкую культуру, патрыятычнасць і рамантызм, гуманістычную і філасофскую накіраванасць.
У.Караткевіч пакінуў значны след і на латвійскай зямлі. Ён любіў гасцяваць у Латвіі, дзе ў яго было шмат сяброў, і нават прысвяціў ёй “Казкі янтарнай краіны”. Гэта нарыс, лірычныя замалёўкі пра Латвію на аснове ўражанняў і рэальных гісторый, якія чаргуюцца з казкамі аб латышскай зямлі, напісанымі паэтычна і алегарычна, з гумарам і павагай, апавядаюць пра тое, што любоў і дабро перамагаюць зло.
“Казкі янтарнай краіны” – на гэтую тэму да юбілейнай даты У.Караткевіча ЦБК арганізаваў і правёў конкурс дзіцячых малюнкаў, у якім прынялі ўдзел дзеці ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў з Даўгаўпілса: 22 д/сад, 3 сярэдняя школа, асноўная школа “Saskaņas”; з Краславы – сярэдняя школа “Varavīksne”; з Вялікабрытаніі.
Цэнтр беларускай культуры сардэчна дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу, іх педагогам, бацькам, бабулям. Вынікі конкурсу падведзены – усе ўдзельнікі атрымаюць дыпломы і фірмовыя сувеніры.
Паглядзець дзіцячыя малюнкі можна на сайце bkc.daugavpils.lv.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК